Музыка году
31 / 12 / 2007
Асабісты рэйтынг лепшай музыкі году падрахоўвае slaver_be.
Традыцыйны пост пра лепшыя альбомы сыходзячага году мне так не хацелася пісаць. А хулі? Колькі з маіх чытачоў праташчылась ад зборкі бі-сайдаў Bloc Party, параўноўвала сьвежыя працы Editors і Interpol ці слухала новы альбом Tinariwen? Гэта вам ня косткі перамываць тым, хто бачыў Праляскоўскага… І тым ня менш.
Галоўным выданьнем году для мяне застанецца зборнік «Weekend Getaway» гурта Bloc Party, пра які я ўжо пасьпеў узгадаць. Для мяне стала шокам тое, што гэта абсалютна неафіцыйны рэліз, а кампіляцыя з усіх бонусаў да альбому «A Weekend In The City», якую зрабіў адзін з фанатаў гурта. Тое, што бі-сайды могуць быць цікавейшымі за сінглы ці асобныя трэкі альбому, я ведаў і раней. Але тое, што ўсе бонусы разам могуць быць удвая цікавейшыя за альбом… Ага, невялічкі шок, які ні разу за гэты год не пакідаў мой плэер. І адсюль жа лепшы трэк году — «We Were Lovers».
Radiohead. Пра іх ведаюць усе, пра іх я пісаў не аднойчы… Том Ёрк заўсёды непрадказальны, таму фінт з новым альбомам, які можна было афіцыйна атрымаць нахаляву, а можна было заплаціць колькі не шкада, нават не зьдзівіў. Галоўнае — зьмест. Тут і рваная «Bodysnatchers», і незвычайна шчырая і проста «All I Need», і геніальная «Videotape», якая закрывае альбом, як труну. Вось толькі радыёголавы неўміручыя…
Дзіўная парачка супернікаў Editors і Interpol. Унікальную нішу адрошаных стаката Interpol занялі яшчэ ў 2002. Праўда, новым альбомам «Our Love To Admire» яны схіліліся ў іншы музычны тэмп, дзе і саступілі «An End Has A Start» Editors…
Шматдзетная маці Dolores O’Riordan зноў вярнулася на сцэну. Цяпер без журавінаў, але з тым жа музычным харакатарам. У тым, што яна ў цудоўнай форме, вы можаце пераканацца, калі паслухаеце альбом «Are You Listening?».
Вось такая лепшая пяцёрка. Апроч гэтых музыкаў варта вылучыць альбом «Baby 81» амэрыканскага гурта Black Rebel Motorcycle Club, які даказаў жывучасьць доўгіх і вязкіх гітарных сола; новую праграму Marilyn Manson «Eat Me, Drink Me», у якой ён сабе прадэманстраваў ня толькі як злобнага дэмана, але як выдатнага філёзафа; Arctic Monkeys «Favourite Worst Nightmare», чый першы альбом пабіў усе рэкорды па продажах, а сёлетні, хоць і саступіў па гэтых паказчыках, але даказаў, што Arctic Monkeys — не аднаднеўка; Klaxons «Golden Skans», якія атрымалі непараўнальны карт-блянш ад NME у выглядзе тытулаў «лепшы гурт года» і «лепшая песьня году»; Good Shoes «Think Before You Speak», яшчэ адзін з тысячаў indie-выскачак — паглядзім, што зь іх далей атрымаецца.
А ўвогуле год нечакана быў пладавітым на цудоўныя рэлізы. Ледзь ня кожны тыдзень зьяўляліся альбомы, якія сапраўды былі вартыя ўвагі.
//slaver_be.
Technorati Теги: Музыка,Рэйтынг







Галасоў: 16, сярэдняя ацэнка: 4.25.