Новыя палітвязьні
1 / 04 / 2008
Пакуль блогер antusha з такім імпэтам разважала пра тое, што “зроблена грамадзка-карыснага на дэмакратычныя грошы”, у Беларусі пачаўся працэс, які мае забіць трэці гол ў Лукашэнку у PR-футболе: ”Дэмакратыя “як у Аўстрыі” супраць супраць незалежных СМІ”. На лаве падсудных апынуўся Андрэй Кім, якога абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікам міліцыі падчас мітынга 10-га студзеня. Па першым дні слуханьняў справа была аб’яднаная са “справай чатырнаццаці”, таму суд працягнецца мінімум празь 5 дзён (інфармацыя Салідарнасьці, фота Юліі Дарашкевіч).
Зь іншага боку, трэці гол заб’юць, але вось наколькі доўгім будзе эфэкт? Эўропа, як вядома, слыне кароткай памяцьцю ды вялікай надзеяй: кожны раз, калі беларускія ўлады ад недахопу грошаў пачынаюць цырк пад назвай “адліга”, яна пачынае шчыра верыць у тое, што вось яна, даўгачаканая дэмакратызацыя. І падаецца, памяць неблагая, папросту Лукашэнка ўжо ўсіх дастаў, а магчымасьці яго эфэктыўна “пайсьці” няма. Вось і спадзяюцца, насуперак здароваму сэнсу, што нарэшце “аб’ект апрытомнеў”.
Праўда, гэтым разам нашая ўлада не захацела гуляць ў дэмакратызацыю: разгон Дня Волі ды ператрусы ў журналістаў загналі паліткарэктных эўрапэйцаў у ступар ды пакінулі спадара Бэла бяз працы. Але вось толькі ці стане ў Брусэля рашучасьці, каб паўплываць на свайго неўраўнаважанага суседа? Паколькі Лукашэнка зараз сутаргава шукае інвэстараў (а бізнэсу, як вядома, усё адно дзе працаваць, хоць ў М’янме, хоць ў ЗША, былі б гарантыі бяспекі грошаў), вельмі балючым захадам мог бы стацца мараторый “а-ля ЗША” на апэрацыі з беларускім бокам эўрапэйскіх кампаніяў. І замарожаныя рахункі нашых функцыянэраў.
Але калі Нямеччына ды Францыя супраціўляюцца ўваходу Украіны да НАТА, каб не чваліць Расею, то пра якую прынцыповасьць трэба казаць у дачыненьні да Беларусі, якая ёсьцека значна бліжэйшай палітычна да Крамля?
Калі кошт гэтых гульняў раней вымяраўся рамамі нейкага няўцямнага статыстычнага дабрабыту, то зараз ён вельмі акрэсьлены: ад пазыцыі Эўропы залежыць воля чатырнаццаці маладзёнаў, якія выходзілі на праспэкт дзеля гэтай самай эўрапэйскае будучыні для Беларусі.







Ацаніце пост, каб ён трапіў у штотыднёвы рэйтынг The Best!