Тэма: Параноя на журфаку
14 / 04 / 2008
ў блогу :
Самазапужваньне факультэта журналістыкі.
Прынцып працы факультэта журналістыкі БДУ, як па мне, можна сфармуляваць проста: мы табе робім гадасьць, але ты мусіш увайсці ў наша становішча, бо мы – толькі віньцікі вялікай сістэмы. і тут у цябе два варыянты: а) ты проста ня лезеш у пекла і варысься далей альбо б) ты робіш тое, што лічыш вартым, а за гэта машына выкідвае цябе са свайго арганізму.
Апошні варыянт тычыўся многіх журфакаўцаў. Спадзяюся, усе ўжо ведаюць пра гісторыю выключэньня Франака. Можаце пакінуць свой скепсіс пры сабе, маўляў, нечага было па мітынгах хадзіць, па замежжах езьдзіць ды яшчэ й бухцець, што выгналі. Будзьце аб’ектыўнымі – спытайце ў яго аднагрупніц і многіх выкладчыкаў, якім студэнтам быў Вячорка.
Першы варыянт тычыцца мяне. Я не хаджу на мітынгі, бо лічу, што народ можна заваяваць не патрыятычнай песьняй, а хлебам з каўбасой. Не раблю вострага падзелу на «нашых» і «вашых». Сваёй працай журналіста і сваім стаўленьнем да людзей імкнуся быць эўрапейцам. І машыне па сутнасьці мусіць быць на мяне пляваць. Аднак няма нічога горшага, чым віньцікі, якія так трасуцца за тое, каб іх ня выкінулі, што пачынаюць круціць і цябе.
16 красавіка мусіць адбывацца першы студэнцкі піяр-форум , які ладзяць студэнты 4 курса журфака. Дзяўчаты насамрэч малайцы, бо стараліся, піярыліся і прыцягвалі моладзь. Я «прыцягнулася», напісала піяр-праект «Блогі – пустуючая трыбуна для беларускіх палітыкаў». Там разглядала, як прыцягнуць палітыкаў да камунікацыі з выбаршчыкамі ў блогах. Прычым, ніякага падзелу на афіцыйных і апазыцыйных не рабіла. У роўнай ступені закранала ўсіх.
Сёньня мне прыйшоў адказ: «К сожалению, содержание Вашего проекта может поставить под вопрос проведение PR-форума в принципе. Надеемся, Вы войдете в наше положение».
Мне насамрэч шкада дзяўчат-арганізатарак. Але не магу ім дараваць гэтую баязьлівасьць. Так, я благая хрысьціянка, бо не падстаўляю левую шчаку, калі бьюць па правай. Аднак чаму я мушу іх паважаць, калі яны затыкаюць мне рот? Зь якіх часоў, дзяўчаты, сяброўства апраўдвае прыніжэньне аднаго дзеля спакою іншага?
Абсалютна мне не заразумелы сэнс прадмету «Палітычная камунікацыя», які ў нас выкладаецца.
Прабачце, ня будзе як выхваліцца сваёй ВНУ перад іншымі навучэнцамі. Тым больш мне не зразумелы шчырыя памкненьні некаторых выпускнікоў змагацца за пазытыўны імідж журфаку. Піяр, як вучыць нас спн. Сідорская (і правільна вучыць), – справа шчырая й адкрытая.
з.ы.Камэнтары ў стылі «а чаго ты хацела ў такой краіне?» пакіньце, калі ласка, пры сабе. Я хачу жыць у нармальнай краіне, будаваць якую пачынаю зь сябе, а не чакаю прышэсьця таго, хто мусіць прынесьці дэмакратыю на талерачцы. А спадзявалася на нармальную рэакцыю разумных і кампетэнтных людзей.
Тэму таксама абмяркоўвае .







Галасоў: 6, сярэдняя ацэнка: 4.